Вы здесь

Адзіная ліга ВТБ. «Цмокі-Мінск» сыграе супраць «Енісея»

баскетбол, лига ВТБ, Цмоки-Минск

Сення, 10 снежня, а 19.00 мужчынская каманда "Цмокі-Мінск" прыме на паркеце Мінск-Арэны краснаярскі "Енісей".

"Енісей" можа лічыцца прынцыповым супернікам "драконаў". Акрамя матчаў у Адзінай лізе ВТБ (з 7 гульняў за нашымі хлопцамі засталіся тры), калектывы двойчы перасякаліся ў Еўрачэленджы. Год таму сляпы лёс звёў антаганістаў у адну групу папярэдняй стадыі - і тады клубы абмяняліся перамогамі. У Краснаярску хлопцы Ігара Грышчука саступілі 82:87, а на роднай "Мінск-Арэне" ўзялі рэванш 76:71.

Гэта ўжо другая сустрэча старых знаёмых у бягучым сезоне: у краснаярскім палацы спорту імя Ярыгіна "Цмокі" выдалі адзін з самых яскравых паядынкаў. Саступаючы за лічаныя хвіліны да канца матчу з розніцай у 10 (!) ачкоў, нашы хлопцы спачатку перавялі матч у авертайм, а затым і зусім вырвалі перамогу. Героем канцоўкі стаў Джасцін Грэй, які дзёрзкімі трапленнямі шакаваў гаспадароў пад канец асноўнага часу, а ў дадатковы паставіў пераможную кропку кідком з адхіленнем.

Загартаваўшыся няўдачамі (акрамя Мінска сібіракі ў пачатку сезона гэтак жа крыўдна прайгралі "Німбурку" з "Аўтадорам"), хлопцы Алега Акулава за некалькі восеньскіх тыдняў правялі пісьменную працу над памылкамі. Пасля чаго імклівы ўзлёт у турнірнай табліцы не прымусіў сябе чакаць. Прычым прагрэсаваў "Енісей" не толькі на прасторах "камерцыйнага" спаборніцтва, дзе акрамя "Віты" і "Байзанс" абыгрываў нават магутны "Ніжні Ноўгарад". Як і "Цмокі", краснаярцы кваліфікаваліся ў топ-32 Кубка Еўропы ФІБА.

"Енісей" гуляе ў хуткі баскетбол, з'яўляючыся адной з самых выніковых каманд лігі. Дэвід Кэнэдзі настойліва стукаецца ў дзесятку самых паспяховых снайпераў лігі, а Дэлрой Джэймс прэтэндуе на званне аднаго з самых карысных падборшчыкаў сярод калектываў, якія дзейнічаюць мабільнай пяцёркай. Прылаўчыцца да манеўраў такога кшталту (і тым больш пры высокім гульнявым тэмпе) даволі няпроста - у тым ліку нават камандам-грандам. Плюс кіруе сібіракамі хітрэнны настаўнік, які, на жаль, ужо паспеў балюча пакрыўдзіць "Цмокаў". У сезоне-2013/14 екацярынбургскі "Урал" пад яго кіраўніцтвам двойчы абгульваў беларусаў на стадыі топ-16. На шчасце, тады з групы ў плэй-оф нашы хлопцы ўсё ж такі выйшлі.

Спадзяемся, што і ў сеняшнім двубоі падпечныя Ігара Грышчука змогуць працягнуць пераможную серыю.

Прамая трансляцыя паядынку «Цмокі-Мінск»- «Енісей» пачнецца на нашым сайце sport-tv.by у 19.00.

Інфармацыя прадстаўлена прэс-службай “Цмокі-Мінск”.

Дата публикации: 10 декабря 2015
Поделись с друзьями: