Вы здесь

Адзіная ліга ВТБ. "Цмокі-Мінск" сыграе супраць "Німбурка"

Единая лига ВТБ, Цмоки-Минск, Цмокі-Мінск

Баскетбольны клуб "Цмокі-Мінск" запрашае на матч Адзінай лігі ВТБ "Цмокі-Мінск - "Німбурк" (Чэхія)

У нядзелю, 8 лістапада, а 16.30 мужчынская каманда "Цмокі-Мінск" у рамках шостага тура Адзінай лігі ВТБ на Мінск-Арэне прыме чэшскі "Німбурк".

За час выступленняў у лізе ВТБ чэшская каманда ніколі не прэтэндавала на ролю лідара. Лакальна казытала нервы грандам, але каб пасля стартавых тураў мець усяго фіяска ў пасіве і з вышыні глядзець на астатні пелетон – гэта нешта новенькае.

Сенсацыйны вынік чэхам прынесла цудоўная селекцыя: усе навабранцы мала таго, што выдатна ўпісаліся ў калектыў, дык яшчэ і з самага пачатку сезона ўпэўнена ўзвалілі на свае плечы ролі лідараў - амерыканскі снайпер Майкл Дыксан набірае па 18 ачкоў у сярэднім за гульню, бельгійскі форвард Максім дэ Зееуў карысна дзейнічае пад шчытом, кубінец Сэнт-Рос здзіўляе рэзультатыўнасцю, ісландзец Вільхьяльмсан добрасумленна адпрацоўвае ў абароне. Дамарослыя гульцы сёння ў "Німбурку" знаходзяцца на другарадных ролях, але гэта чэхаў не бянтэжыць.

Для мінчукоў "Німбурк" памятны тым, што яшчэ сезон таму цяперашняя зорка "Цмокаў" Гарэт Штутц абараняў колеры гэтай каманды. Праўда, стабільна вядучых роляў у складзе "львоў" амерыканец не меў, выходзячы пад канкрэтныя задачы на не самыя працяглыя адрэзкі матчаў. Тым не менш менавіта Мінску цэнтравы насаліў больш за ўсё. У лютым 2015 года Гарэт аформіў "дабл-дабл" (18 ачкоў пры 10 падборах), правёўшы адну з лепшых гульняў у складзе "Німбурка", - і дапамог аднаклубнікам перамагчы - 85:68. Спадзяемся, што сённяшняя гульня, праўда ўжо ў іншай гульнявой форме, складзецца для Гарэта гэтак жа паспяхова.

За шэсць папярэдніх сустрэч "драконы" толькі аднойчы перамагалі "Німбурк". Зрабіць гэта ўдалося Андрэю Крываносу - цяперашняму асістэнту Ігара Грышчука. У сакавіку 2013 года на паркеце роднай "Мінск-Арэны" беларусы ўзялі верх 71:63, шмат у чым дзякуючы выдатнай індывідуальнай гульні (18 ачкоў) Цьеры Браўна. З таго складу па сённяшні дзень у нашых шэрагах засталіся Аляксей Лашкевіч, Павел Ульянка, а таксама два Аляксандра - Кудраўцаў і Семянюк.

Прамая трансляцыя паядынку «Цмокі-Мінск»- «Німбурк» пачнецца на нашым сайце sport-tv.by у 16.30.

Інфармацыя прадстаўлена прэс-службай “Цмокі-Мінск”.

Дата публикации: 08 ноября 2015
Поделись с друзьями: