Вы здесь

Цмокі-Мінск запрашае на паядынак з Ніжні Ноўгарад (Расія)

баскетбол, втб-лига, цмоки минск нижний новгород

Баскетбольны клуб "Цмокі-Мінск" запрашае на паядынак Адзінай лігі ВТБ "Цмокі-Мінск" - "Ніжні Ноўгарад" (Расія), які адбудзецца 17 красавіка а 15.00 на Мінск-Арэне.

Заключны хатні матч міжнароднага сезона нашай камандзе давядзецца праводзіць супраць "самага расійскага праекта" Адзінай лігі ВТБ, што трапіў у плэй-оф. Пасля траўмы, якая вывела са строю да канца сезона амерыканца Эрыка Мэйнара, у складзе "Ніжняга Ноўгарада" засталіся толькі два легіянера - абаронца Віктар Рад ды цэнтравы Рашыд Магальбашыч. У астатнім, "чорна-белыя" сабраныя з таленавітых нацыянальных выканаўцаў. Некаторыя з іх ужо паспелі выступіць на самым высокім узроўні: напрыклад, у калекцыях Дзмітрыя Хвастова і Сямёна Антонава ёсць бронза лонданскай Алімпіяды. Іншыя ж - як Іван Стрэбкоў або яго цёзка Віктараў - толькі выходзяць на баскетбольную авансцэну ў рангу перспектыўных хлопцаў, што падаюць вялікія надзеі.

З-за такога спецыфічнага профілю, свядома абранага пры камплектацыі каманды, "Ніжні" парой пакутуе ад нестабільнасці. Услед за пераможнымі серыямі і гучнымі трыўмфамі над грандамі дружына можа сканфузіцца пры сустрэчы з аўтсайдэрамі. Як вынік, вышэй сёмага месца калектыў Айнарса Багацкіса ў "рэгулярцы" ВТБ ужо не падымецца, хоць мог прэтэндаваць на куды большае. Тое ж можна сказаць і пра Еўракубак: у кантынентальным спаборніцтве «НН» дабраўся да 1/4-й, дзе саступіў будучаму фіналісту, французскаму "Страсбургу".

На рахунку хлопцаў Багацкіса трыўмфы над ЦСКА, "Аўтадорам", "Лакаматывам", "Хімкамі" (двойчы). Тады як у рамках Еўракубка пад націскам "чорна-белых" падалі ізраільскі "Макабі", турэцкі "Галатасарай" і славенская "Алімпія". Іншымі словамі, у расейцаў няма ніякай боязі перад грандамі, яны гатовыя сцерці любога, хто б ні апынуўся на шляху. З іншага боку, у "Ніжняга" хапае і канфузаў. Чаго вартая хаця б асечка тыдзень таму ў бітве з ВЭФам, прайгранай з розніцай у 28 (!) ачкоў. Крыўдзілі нашых сённяшніх гасцей і сціплыя "Енісей" з "Німбуркам", так што лічыць расейцаў заведама наймацнейшым апанентам дакладна не варта.

Таксама гульню Цмокі-Мінск - Ніжні Ноўгарад магчыма глядзець на нашым партале а 15:00. 

Дата публикации: 17 апреля 2016
Поделись с друзьями: