Вы здесь

Кубак ФІБА. "Цмокі-Мінск" прымуць славацкі "Камарна"

ФИБА, Цмоки-Минск

Баскетбольны клуб "Цмокі-Мінск" запрашае на матч Кубка ФІБА "Цмокі-Мінск" - "Камарна".

Заўтра, 18 лістапада, а 19.00 на Мінск-Арэне адбудзецца чарговы паядынак Кубка ФІБА, "Цмокі" прымуць славацкі "Камарна".

Палажэнне ў турнірнай табліцы славацкага клуба на сённяшні дзень выглядае даволі крытычна: параза ад "драконаў" пазбавіць хлопцаў Андэлькі Мандзіча шанцаў на выхад у наступную стадыю. Таму баскетбалісты "Камарна" не спыняцца ні перад чым, каб адпомсціць "Цмокам" за фіяска ў родных сценах і падараваць фанатам надзею на працяг выступленняў у Кубку. Не так даўно славакі мінімальна саступілі фінскай "Катае" (72:85), а затым у выязным паядынку супраць "Рылскі" толькі па фатальнаму збегу абставін аддалі трыумф балгарам адначасова з сірэнай (82:83). Акрамя таго, на ўнутранай арэне калектыў не ведае параз у васьмі матчах запар!

"Камарна" - клуб  цярплівы і руплівы - тамтэйшыя баскетбалісты цяжкай працай умеюць дамагацца свайго. Два гады запар, пачынаючы з 2012-га, яны выходзілі ў фінал нацыянальнага чэмпіянату, аднак кожны раз саступалі - спачатку "Прэвідзе", а затым браціслаўскаму "Інтэру". Тым не менш цяперашняй вясной калектыў усё ж дамогся жаданага, зноў дабраўшыся да вырашальных сутычак і там узяўшы рэванш у прынцыповых супернікаў з "Прэвідзі".

Тым не менш, канкрэтна сказаць, адкуль можа прыйсці небяспека ў гульні з "Камарна", неверагодна складана. Статыстычна дружына са Славакіі не бліскае, валодаючы адной з горшых абарон у розыгрышы і займаючы месцы ў канцы чацвёртага дзесятка па здабычы ключавых баскетбольных кампанентаў. Індывідуальна лідары ў гасцявой абойме таксама не праяўляюцца - хіба што абаронца Томпсан пастаянна даймае апанентаў перахопамі. Аднак у гэтым, здаецца, і здольная крыцца рэальная пагроза ад балканцаў. Недаацэнка аўтсайдэра пары разам з невялікай доляй шанцавання і самааддачай гульцоў, якім няма чаго губляць, здольныя неверагодна ўскладніць жыццё "Цмокам". Тады як беларусы ў прыдачу яшчэ змучаныя і складаным турнірным графікам: у суботу нашы хлопцы праводзілі паядынак за трыдзевяць зямель, змагаючыся ў Казахстане з тамтэйшай "Астаной". Матч хлопцы Ігара Грышчука выйгралі, але зрабілі гэта толькі ў авертайме, прыстойна нагрузіўшы асноўную абойму. Ад таго, наколькі хутка здолеюць аднавіцца лідары мінчукоў, таксама наўпрост залежыць зыход паядынку серады.

Прамая трансляцыя паядынку «Цмокі-Мінск»- «Камарна» пачнецца на нашым сайце sport-tv.by у 18.55.

Інфармацыя прадстаўлена прэс-службай “Цмокі-Мінск”.

Дата публикации: 18 ноября 2015
Поделись с друзьями: