Вы здесь

Кубок ФИБА. «Цмоки-Минск» сыграют против «Гюссинга»

Кубок ФИБА, Цмоки-Минск, Цмокі-Мінск

"Цмокі-Мінск" запрашае на паядынак другой групавой стадыі Кубка ФІБА "Цмокі-Мінск" - "Гюсінг" (Аўстрыя), які адбудзецца 6 студзеня а 19.00 у Палацы Спорту. 

"Гюсінг" - дзеючы чэмпіён Аўстрыі, які не збаўляе абаротаў на міжнароднай арэне. У мінулым сезоне ў Еўрачэленджы нашы сённяшнія супернікі дабраліся да стадыі топ-16, запісаўшы ў актыў шэсць перамог па выніках кантынентальнага сезона. Прабіцца ў плэй-оф "рыцары" не змаглі, прапусціўшы ў накаўт-раўнд французскія "Нантэр" з "Ле-Манам", але ўсё роўна прымусілі сябе паважаць. Сёння ў актыве дружыны Маціяса Зольнэра ўжо пяць вікторый (чатыры здабытыя на папярэдняй стадыі) - і перамога ў Мінску можа сур'ёзна павысіць шанцы прадстаўнікоў кантона Бургерланд на кваліфікацыю ў наступны этап з рэкорднымі паказчыкамі.

"Гюсінг" выдатна распараджаецца мячом і разумна - без лішніх рухаў - даводзіць яго да "вялікіх" у трохсекундную зону. Дастаткова ўспомніць, што АЕКу, з якім мы сустрэнемся 13 студзеня на Кіпры, аўстрыйцы 50 балаў з 68 адгрузілі як раз з "фарбы". Таму прысутнасць пад кольцам і ўплыў на абарону Гарэта Штутца ды Івана Мараша сённяшнім вечарам пераацаніць будзе складана. 

Акрамя таго, жыццёва важна адрэзаць ад астатняй каманды Энтані Уотса - лідара "рыцараў" па сярэдняй колькасці ачкоў (16,2) і падборам (7,0) за вечар. На ўнутранай арэне амерыканец, можа, выглядае не так яскрава, затое ў міжнародных паядынках ператвараецца ў няўрымслівага "жыўчыка", з якім на папярэдняй стадыі Кубка Еўропы не справіліся ні галандскі "Дэн Бош", ні славенскі "Златарог" - ды яшчэ і французскі "Шалон" намучыўся. Уласна, менавіта ён шмат у чым паўплываў на тое, што "Гюсінг" дагэтуль працягвае барацьбу ў турніры, а таксама ўзначальвае табліцу нацыянальнага першынства, на шэсць ачкоў апярэджваючы бліжэйшага пераследніка.
 

Нагадваем вам, што заўтрашні матч, а таксама суботні паядынак з талінскім "Калевам" "Цмокі" праводзяць на паркеце сталічнага Палаца Спорту (пр-т Пераможцаў, 11). Службовы ўваход знаходзіцца са зваротнага боку будынка (каля крытага катка).

Прамая трансляцiя гульнi "Цмокі-Мінск" - "Гюсінг" на нашым партале а 19:00.

Інфармацыя прадстаўлена прэс-службай “Цмокі-Мінск”.

Дата публикации: 06 января 2016
Поделись с друзьями: